З грудзей нашых

панясецца

Вір песень грымучых.

І ў адзін голас зьліецца,

У адзін магучы.


1906 год. Янка Купала


БЕЛАРУСКІЯ ГІМНЫ



Гімны нацыі, дзяржавы, краіны пішуцца, як вядома, не па заказу, а самой гісторыяй. Прытым сам факт зьяўленьня гімну можа быць выпадковай падзеяй, неадпаведным вершам і мелёдыяй, але, трапіўшы ў гістарычны кантэкст народа, яны становяцца яго гімнам.



Вядома, напрыклад, гісторыя французскай салдацкай песьні Марсельеза, што стала гімнам Францыі, ці мазуркі «Ешчэ польска не згінэла», якая стала ў 1918 годзе дзяржаўным гімнам Польшчы. Дзяржаўны заказ на стварэньне гімну ёсьць блюзьнерства. Што з гэтага атрымліваецца, добра відаць на прыкладзе гімнаў СССР і так званых «рэспублік свабодных». Гімны найчасьцей ствараюцца ў барацьбе за нацыянальна-культурнае, дзяржаўнае і духоўнае адраджэньне нацыі і выбіраюцца народам, які змагаецца за сваю волю і лепшую долю. У пачатку XX стагоддзя гімнам Беларускага адраджэньня найчасьцей гучаў верш Янкі Купалы «А хто там ідзе…» на музыку Людаміра Рагоўскага. ЁН так і называўся «Беларускі гімн».



Пазьней, пасьля ўтварэньня Беларускае Народнае Рэспублікі, ужо ў 20-х гадах, шырока распаўсюдзіўся гімн «Мы вьйдзем шчыльнымі радамі» паводле верша Макара Краўцова, напісанага ў 1919 годзе (музыка Ул. Тэраўскага). Ён стаў гімнам Беларускае Народнае Рэспублікі. Яго сьпявалі паўсюдна змагары ў заходняй Беларусі, потым ён гучаў у часы Другой Сусьветнай вайны і цяпер гучыць ва ўсім сьвеце, дзе жывуць беларусы, якія памятаюць пра Бацькаўшчыну.



З часоў Другой Сусьветнай вайны, падзеі якой стымулявалі беларускае нацыянальнае адраджэньне, паўсюдна гучыць поруч з гімнам БНР беларускі духоўны гімн «Магутны Божа». Гэта знакаміты верш Натальлі Арсеньневай (музыка М.Равенскага). Надзвычай велічная ўзьнёслая і ўрачыстая мелёдыя і зьмест гімна гучаць паўсюдна, дзе ладзяцца беларускія нацыянальна-культурныя мерапрыемствы. Прытым часта ўсё пачынаецца дзяржаўным гімнам БНР, а заканчваецца духоўным гімнам нацыі - «Магутны Божа». Рэлігійныя службы ва ўсіх беларускіх цэрквах Амэрыкі, Канады, Аўстраліі, Вялікабрытаніі завяршаюцца сьпевам «Магутны Божа».



Склалася добрая і прыгожая традыцыя. Беларуская нацыя мае два гімны - дзяржаўны і духоўны. Кожны заняў сваё месца. Кожны сьпяваецца ў сваім часе. Кожны адлюстроўвае нашу беларускую гісторыю, наш розум, нашу волю, наш дух, наша беларускае сэрца. Мяркую, што кожны Беларус павінен ведаць свае гімны.



Зянон Пазьняк




МАГУТНЫ БОЖА



Верш Натальлі Арсеньневай

Музыка Міколы Равенскага




Магутны Божа! Ўладар сусьветаў,

Вялiкiх сонцаў i сэрц малых!

Над Беларусяй, цiхай i ветлай,

Рассып праменьне свае хвалы.



Дай спор ў працы, будзённай, шэрай,

На хлеб штодзённы, на родны край,

Павагу, сiлу i велiч веры

У нашу праўду, у прышласьць - дай!



Дай урадлiвасьць жытнёвым нiвам,

Учынкам нашым пашлi ўмалот!

Зрабi магутнай, зрабi шчасьлiвай

Краiну нашу i наш народ!



http://www.bielarus.net/archives/2005/03/23/193/